САЮ́ЗНІЦКАЯ ВАЙНА́ 90—88 да н.э. (паводле інш. звестак 91—88),

вайна паўстаўшых італійскіх плямён супраць Рымскай рэспублікі. Прычынай вайны стала адмова рым. сената даць правы рым. грамадзянства італійскім саюзнікам. Паўстанцы стварылі саюз «Італія» з цэнтрамі ў гарадах Карфіній і Бавіянум на чале з Саветам пяцісот. Іх армія дасягала 200 тыс. чал. у 90 да н.э. Першым супраць рымлян выступіла італійскае племя марсаў (таму С.в. часам наз. Марсійскай). Вайна ішла з пераменным поспехам. Рымляне вымушаны былі даць правы грамадзянства ч. італікаў, якія не ўдзельнічалі ў вайне (практычна этрускам і умбрам). У 89 да н.э. яны абяцалі зрабіць гэта і ў адносінах да паўстанцаў, якія складуць зброю на працягу 60 дзён. Гэта раскалола рады паўстанцаў. Летам 88 да н.э. супраціўленне італікаў было зломлена. У выніку С.в. ўсё свабоднае насельніцтва Італіі атрымала, хоць і з абмежаваннямі, правы рымскага грамадзянства.

Літ.:

Нечай Ф.М. Рим и италики. Мн., 1963;

Göhler J. Rom und Italien. Breslau, 1939.

т. 14, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)